УДК 330.837.1
А.І. Лучанок, С.С. Асмалавец
РАЗВІЦЦЁ ІНСТЫТУЦЫЯНАЛІЗМУ Ў ЭКАНОМІЧНАЙ НАВУЦЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Весці Нац. акадэміі навук Беларусі. Сер. гуманіт. навук, 2008, No.4. С. 35-41.
Інстытут эканомікі НАН Беларусі
(Паступіў у рэдакцыю 07.04.2008)
Тэарэтыка-метадалагічны аналіз развіцця нацыянальнай эканомікі Рэспублікі Беларусь за апошняе дзесяцігоддзе паказвае, што падыходы да рэгулявання эканамічных працэсаў, прапанаваныя неакласічнай эканамічнай тэорыяй, якая засноўваецца пераважна на рынкавым рэгуляванні і тэорыях мэйнстрыму, ва ўмовах нашай краіны аказваюцца неэфектыўнымі. Абумоўлена гэта спецыфікай той сацыяльна-эканамічнай сістэмы, што ствараецца ў Беларусі: яна кепска адпавядае класічнай макраэканамічнай мадэлі, дзе мяркуецца раўнапраўнае становішча суб'ектаў гаспадарання, а іх дзейнасць базіруецца на прынцыпе эканамічнай мэтазгоднасці.
Вывучэнне спецыфікі ажыццяўлення эканамічнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь прымусіла звярнуцца да інстытуцыянальнай метадалогіі, якая, у адрозненне ад класічных падыходаў, разглядае эканамічныя праблемы з больш шырокага пункту погляду, не абсалютызуе прынцып эканамічнай мэтазгоднасці і нярэдка арыентуецца на іншыя інстытуцыянальныя ўстаноўкі. Акрамя таго, класічныя тэорыі апісвалі ў асноўным стэрэатыпныя сітуацыі і не давалі адказу на пытанне пра паводзіны індывідаў пры недахопе інфармацыі і неакрэсленасці вынікаў. Гэта значыць імкненне эканамічных агентаў да паляпшэння вынікаў сваёй дзейнасці ў беларускіх умовах настолькі не супадае з усталяванымі інстытуцыянальнымі нормамі, што суб'екты гаспадарання часта не знаходзяць для сябе спрыяльных альтэрнатыў.
У Беларусі развіццё інстытуцыянальнага напрамку ў апошнія гады ідзе дастаткова хуткімі тэмпамі. Сярод публікацый - вялікая колькасць артыкулаў у зборніках дакладаў на канферэнцыях, манаграфіі, вучэбныя дапаможнікі, артыкулы ў эканамічных часопісах. Друкуюцца пераклады артыкулаў замежных спецыялістаў, якія зрабілі ўплыў на развіццё інстытуцыянальнай эканомікі (Д. Норт, Дж. Стыгліц), а таксама артыкулы айчынных інстытуцыяналістаў у часопісе "Экавест", што выдаецца даследчым цэнтрам Інстытута прыватызацыі і менеджменту. Пры гэтым беларускія даследчыкі актыўна выкарыстоўваюць магчымасці Інтэрнету. У прыватнасці, актуальныя праблемы эканамічнай тэорыі і практыкі з беларускай спецыфікай разглядаюцца на сайтах і блогах http://ipm.by/; http://liberty-belarus.info; http://research.by/; http://luchenok.blogspot.com/ http://nmnby.org/net/index.html; http://luchecon.livejournal.com і інш.
Сярод беларускіх вучоных, якія выкарыстоўваюць інстументарый і метадалогію інстытуцыяналізму ў сваіх даследаваннях, можна вылучыць В.Ф. Байнева, Ю.В. Валевіча, А.Б. Дорыну, П.С. Лямешчанку, А.І. Лучанка, К.Ю. Марозаву, П.Г. Нікіценку, С.С. Асмалавец, І.А. Рудзянкова, А.В. Чарнавалава, К.К. Шабеку.
Сучасны інстытуцыяналізм мае дастаткова шырокі спектр кірункаў, якія адрозніваюцца метадалогіяй аналізу і даследчай праграмай. З пэўнай ступенню ўмоўнасці ў якасці асноўных кірункаў развіцця інстытуцыяналізму ў Беларусі можна вылучыць тэарэтычны інстытуцыяналізм, новую інстытуцыянальную тэорыю і практычны неаінстытуцыяналізм.
Тэарэтычны інстытуцыяналізм.
Асноўнай прычынай развіцця тэарэтычнага інстытуцыяналізму з'явілася спроба беларускіх вучоных на базе палітэканоміі, эканамічнай тэорыі і інстытуцыяналізму вытлумачыць працэсы, што адбываюцца ў Беларусі ў пераходны перыяд. Адной з першых прац у гэтым кірунку стаў артыкул П.С. Лямешчанкі і У.Г. Булаўкі "Інстытут уласнасці і праблемы пераходных эканомік" (1998) [1], у якім былі ўзняты праблемы фарміравання рынкавых інстытутаў у транзітыўнай эканоміцы. Быў абгрунтаваны тэзіс, што працэс рэформ (у прыватнасці, прыватызацыя) павінен суправаджацца глыбокім вывучэннем асаблівасцей эканамічнага ўладкавання грамадства, інакш запланаваныя рэформы не толькі не прынясуць належнага выніку, але і пацягнуць за сабой страту часткі эканамічнага патэнцыялу. Аўтары паказалі, што звядзенне эканамічных рэформ да пераразмеркавання правоў уласнасці на матэрыяльныя рэсурсы прывяло да канцэнтрацыі элементаў уласнасці ў асоб, якія валодалі ўладай, да спекулятыўнага выкарыстання ўласнасці, і, адпаведна, праведзеныя рэформы не далі станоўчага выніку [2, с. 128].
Інстытуцыянальны аналіз эканамічных рэформ П.С. Лямешчанка працягнуў у цыкле артыкулаў "Інстытуцыянальна-эвалюцыйная тэорыя новай эканамічнай рэформы", "Крэдытна-банкаўская сістэма ў інстытуцыянальным вымярэнні", "Інстытуцыянальныя заканамернасці і тэндэнцыі функцыянавання грашова-крэдытнай сістэмы Беларусі". У артыкуле "Інстытуцыянальныя супярэчнасці і пасткі пераходнага перыяду" (2005), прысвечаным аналізу этапаў пераходнай эканомікі і фактараў трансфармацыі інстытутаў, аўтарам уводзіцца тэрмін "трансфармацыйныя пасткі" - неэфектыўныя інстытуты, сфарміраваныя ў перыяд рэфармавання эканомікі [3]. У рэчышчы тэарэтычнага інстытуцыяналізму П.С. Лямешчанка акрэслівае ідэалогію як лад мыслення людзей і грамадства ў цэлым, што рацыяналізуе паводзіны індывідаў, а таксама як інстытут, што садзейнічае фарміраванню інстытуцыянальнай раўнавагі і змяншэнню трансакцыйных выдаткаў індывідаў. Ім зроблена выснова пра неабходнасць фарміравання ўласнай ідэалогіі развіцця беларускай эканомікі [4].
Фарміраванню інстытута ідэалогіі ў Беларусі прысвечана і праца І.А. Рудзянкова "Палітэканомія, інстытуты і ідэалогія" (2004) [5]. Артыкул цікавы перш за ўсё спробай вызначыць інстытуцыянальныя межы развіцця Рэспублікі Беларусь. Аўтар адзначае, што найважнейшым базавым інстытутам, які фарміруе ідэалогію развіцця грамадства, з'яўляецца інстытут прыватнай уласнасці. Паколькі беларуская ідэалогія засноўваецца на тым, што Беларусь - гэта невялікая краіна з адкрытай эканомікай, прыватная ўласнасць павінна дамінаваць, а дзяржаўная - толькі забяспечваць цэласнасць краіны. Таму І.А. Рудзянкоў прапануе меры па абароне прыватнага сектара эканомікі ад знешняй канкурэнцыі.
У рэчышчы традыцыйнага інстытуцыяналізму напісаны даклад В.Ф. Байнева "Парадокс неэфектыўнага прыватнага ўласніка ў тэорыі фірмы пераходнага перыяду" (2004) [6], прысвечаны праблемам развіцця пераходных краін.
Працягам навуковых даследаванняў у галіне тэорыі інстытуцыянальнай навукі стаў артыкул Ю.А. Мядзведзевай "Развіццё сістэмы кіравання ў транзітыўнай эканоміцы: інстытуцыянальныя асновы" (2007) [7]. Аўтар аналізуе эфектыўнасць фармальных інстытутаў у Беларусі ў перыяд з 1990 па 2005 г., на глебе чаго робіць выснову пра перавагу колькаснага росту эканомікі, а не яе развіцця. Аналіз мадэляў кіравання, што дамінуюць у эканамічных тэорыях, а таксама вывучэнне асаблівасцей дзяржаўнага кіравання дазволілі аўтару зрабіць выснову пра неабходную ўмову эфектыўнасці інстытуцыянальных пераўтварэнняў - наяўнасць механізма зваротнай сувязі ў сістэме дзяржаўнага кіравання.
З выкарыстаннем метадалогіі неаінстытуцыяналізму выкананы артыкул Ю.В. Валевіча "Інстытуцыянальная раўнавага" (2002) [8]. Асноўная гіпотэза даследавання заключаецца ў наступным: інстытуцыянальная раўнавага вызначае эфектыўнасць эканамічнай сістэмы. Таму для забеспячэння эфектыўнага функцыянавання эканомікі неабходна ліквідацыя неэфектыўных палітычных арганізацый. Недахопам гэтай працы з'яўляецца, на наш погляд, эмпірычная ацэнка эфектыўнасці інстытутаў. У працы "Палітычная эканомія інстытуцыянальнай раўнавагі" (2004) [9] Ю.В. Валевіч робіць акцэнт на палітычных аспектах фарміравання інстытутаў. Выкарыстоўваючы асноўныя палажэнні тэорыі (прынцып абмежаванай рацыянальнасці, паняцце апартунізму, катэгорыя трансакцыйных выдаткаў), ён разглядае фактары, якія падштурхоўваюць службовых асоб (палітыкаў і чыноўнікаў) да дзеянняў ва ўласных інтарэсах, а таксама інстытуцыянальныя абмежаванні гэтых дзеянняў. Такім чынам, аўтар абгрунтоўвае тэзіс, што дэмакратычны працэс прыняцця палітычных рашэнняў дазваляе павысіць эфектыўнасць фарміравання інстытутаў.
Вывучэнню тэарэтычных асноў інстытуцыянальнай эканамічнай тэорыі прысвечаны працы А.Б. Дорынай. У артыкуле "Тэарэтычныя і метадалагічныя падыходы да вывучэння праблем пераходнай эканомікі" (2004) прадстаўлены аналіз мадэляў пераходнай эканомікі, акрэслены перыяд працягласці пераходнага перыяду (ён вызначаецца часам фарміравання базавых інстытутаў новай эканомікі). Артыкул "Сучасны інстытуцыяналізм: пытанні тэорыі і метадалогіі" (2006) прысвечаны аналізу інструментарыя і даследчай праграмы сучасных кірункаў інстытуцыяналізму. У манаграфіі А.Б. Дорынай "Фарміраванне інстытуцыянальнай структуры беларускай эканомікі ва ўмовах трансфармацыі" (2005) асноўная ўвага аддадзена аналізу метадалогіі інстытуцыянальнага напрамку эканомікі і вывучэнню спецыфікі фарміравання інстытуцыянальнай структуры ў пераходны перыяд.
У эканамічнай навуцы пры ВНУ у асноўным пануюць падыходы, якія поўнасцю апраўдваюць тыя эканамічныя метады рэгулявання, што прымяняюцца ў краіне, і таму, па сутнасці, цалкам адмаўляецца неабходнасць сур'ёзных пераўтварэнняў у наяўнай інстытуцыянальнай структуры. У прыватнасці, вышэйзгаданая А.Б. Дорына лічыць, што лепш адкласці рэформы, каб не падрываць інстытуты, якія ўжо склаліся. Матывуе яна гэта тым, што вырашальным фактарам паспяховай трансфармацыі выступаюць дзяржаўныя інстытуты, якія забяспечваюць нармальную работу рынкавых механізмаў шляхам іх падтрымкі і развіцця. Дзяржаўныя інстытуты дазваляюць ліквідаваць найбольш сур'ёзныя анамаліі ў эканамічнай сферы, у тым ліку кратна адрозную даходнасць у вытворчай, фінансавай і гандлёва-пасрэдніцкай галінах дзейнасці, празмерны падатковы цяжар на прадпрыемствы, дарагоўлю крэдыта. Пры неабходнасці выбару паміж варыянтамі - праводзіць рэформы з рызыкай развалу інстытутаў ці адкласці іх у мэтах замацавання інстытутаў і змяншэння страт у выглядзе падзення вытворчасці - рэформы лепей адкласці, паколькі вырашальным фактарам эканамічнай палітыкі ў працэсе пераходу да рынку з'яўляецца не хуткасць рэформ (лібералізацыя), а эфектыўнасць інстытутаў [10]. Аўтар лічыць, што расійскі вопыт правядзення рэформ Рэспубліцы Беларусь не падыходзіць, паколькі пераход да новай эканамічнай сістэмы ў Беларусі, у адрозненне ад Расіі, ажыццяўляецца на аснове умеркавана-радыкальнага падыходу, арыентаванага на стабільнасць умоў вытворчасці і эвалюцыйнасць, паэтапнасць пераўтварэнняў, удзел дзяржавы ў фарміраванні рынкавай інфраструктуры, выбар прыярытэтаў развіцця нацыянальнай эканомікі. Адпаведна і вылучаюцца прапановы, заснаваныя на прынцыпах умеркаванасці і асцярожнасці, эвалюцыйнага развіцця эканамічных адносін.
У працы С.Ю. Саладоўнікава "Інстытуцыянальныя матрыцы: сутнасць, персаніфікацыя і яе генезіс (палітыка-эканамічныя нарысы)" (2006) зроблена спроба правядзення сістэмнага палітыка-эканамічнага даследавання інстытуцыянальных матрыц. Названы аўтар паставіў перад сабой мэту на аснове сучасных метадалагічных падыходаў да даследавання сацыяльных і сацыяльна-эканамічных сістэм высветліць сутнасць інстытуцыянальных матрыц і раскрыць механізмы іх персаніфікацыі. Названы падыход дазваляе ўлічваць уплыў інстытуцыянальнага асяроддзя не толькі на эканамічныя (макра- і мікраэканамічныя) працэсы, але і на сістэму сацыяльна-эканамічных інтарэсаў. У сваю чаргу, на думку С.Ю. Саладоўнікава, на працэсы трансфармацыі інстытутаў (кірункі, хуткасць працякання і г.д.) вызначальны ўплыў аказваюць суадносіны сіл у грамадстве сацыяльна-эканамічных суб'ектаў і напрамкі іх інтарэсаў [11].
Новая інстытуцыянальная эканамічная тэорыя.
Даследаванням у галіне новай інстытуцыянальнай эканомікі прысвечаны працы А.В. Чарнавалава (Брэст). У якасці метадалогіі даследавання ім абраны наступныя палажэнні:
1) трансакцыйныя выдаткі станоўчыя;
2) інстытуты разглядаюцца праз прызму іх уплыву на рашэнні эканамічных суб'ектаў;
3) існуе некалькі станаў раўнавагі эканамічнай сістэмы ў залежнасці ад зыходных параметраў сістэмы;
4) фірма ўяўляе з сябе сукупнасць эканамічных суб'ектаў з уласнымі інтарэсамі [12, с. 17].
Адной з першых прац А.В. Чарнавалава была манаграфія "Неплацежаздольнасць (банкруцтва) у інстытуцыянальнай эканоміцы: беларуская мадэль" (2004) [12]. Аўтар з выкарыстаннем абранай метадалогіі і асноўных катэгорый інстытуцыянальнай эканомікі (абмежаваная рацыянальнасць, апартуністычныя паводзіны, арганізацыя, трансакцыя, трансакцыйныя выдаткі) распрацаваў канцэпцыю антыкрызіснага кіравання прадпрыемствам ва ўмовах Рэспублікі Беларусь, ахарактарызаваў паняцце інстытута неплацежаздольнасці. Навізна тэарэтычных палажэнняў манаграфіі - арыгінальны погляд аўтара на тэорыю неплацежаздольнасці праз прызму інстытуцыяналізму. Дадзеная манаграфія мае практычнае значэнне, паколькі ў ёй даецца крытычны аналіз заканадаўства пра банкруцтва ў Рэспубліцы Беларусь.
Другой значнай працай А.В. Чарнавалава стала манаграфія "Тэорыя інстытутаў рынку" (2006) [13]. Праца прысвечана даследаванню праблем фарміравання інстытуцыянальнай структуры грамадства ў пераходны перыяд. Цікавасць у працы выклікае раздзел "Канцэпцыя эфектыўнасці інстытуцыянальных трансфармацый". Вывучаючы сутнасць падыходаў да эфектыўнасці інстытутаў, аўтар робіць спробу распрацаваць крытэрыі ацэнкі эфектыўнасці трансфармацыі фармальных інстытутаў. У якасці крытэрыю эфектыўнасці змянення або ўвядзення новых фармальных інстытутаў прапанавана разглядаць змяненне магчымасцей эканамічных суб'ектаў па аптымізацыі выкарыстаных рэсурсаў. Пры гэтым аўтар адмаўляецца ад канцэпцыі эфектыўнасці інстытуцыянальнай трансфармацыі, заснаванай на аналізе эканоміі трансакцыйных выдаткаў да і пасля трансфармацыі. У манаграфіі распрацавана таксама інстытуцыянальная мадэль эканамічнай сістэмы, што ўключае сукупнасць правілаў і інстытутаў. Спрэчным у прапанаванай мадэлі з'яўляецца размежаванне аўтарам паняццяў "правіла" і "інстытут": у прыватнасці, эканамічныя правілы, па нашым меркаванні, немагчыма разглядаць асобна ад асноўных макраэканамічных інстытутаў, якімі яны ўстанаўліваюцца. Другая частка манаграфіі прысвечана распрацоўцы канцэпцыі фарміравання інстытута эканамічнай неплацежаздольнасці (на прыкладзе Расіі і Беларусі).
Практычны неаінстытуцыяналізм.
Адной з першых прац у Беларусі па неаінстытуцыянальнай эканоміцы, што побач з тэарэтычнай накіраванасцю мае і практычнае значэнне, стала манаграфія К.К. Шабекі "Інстытуцыянальная структура рэгіянальных рынкаў харчу: тэорыя, метадалогія, практыка" (2001) [14]. У манаграфіі дадзена комплексная ацэнка інстытуцыянальным асновам рынку. Вызначаны межы функцыянавання рынку (інстытуты), вывучана сістэма нормаў, што забяспечваюць функцыянаванне эканамічнай сістэмы, акрэслена месца інстытута ўласнасці ў эканоміцы рынкавага тыпу, сфармуляваны канкрэтныя рэкамендацыі па ўдасканаленні эканамічных адносін у аграрным комплексе на аснове неаінстытуцыянальнай метадалогіі.
Цікавасць выклікае раздзел манаграфіі "Трансфармацыя інстытутаў", дзе раскрываюцца фактары змянення фармальных інстытутаў, а таксама даецца аналіз замежных методык ацэнкі сумяшчальнасці фармальных інстытутаў і нефармальных нормаў. На аснове аналізу канцэпцый рынкавай інфраструктуры К.К.Шабека прапанаваў уласны падыход да канцэпцыі рынкавай інфраструктуры для эканомік рынкавага тыпу. Ім таксама прааналізаваны асновы функцыянавання таварных і фондавых біржаў як элементаў інфраструктуры рэгіянальных рынкаў харчовых прадуктаў. Адна з вартасцяў працы - распрацоўка сістэмы мер у галіне дзяржаўнага рэгулявання дзейнасці аптовых рынкаў, накіраваная на зніжэнне трансакцыйных выдаткаў функцыянавання гэтых рынкаў ва ўмовах Рэспублікі Беларусь.
У Інстытуце эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі актыўна распрацоўваецца канцэпцыя, арыентаваная на выкарыстанне ў беларускай практыцы гаспадарання напрацовак айчыннай неаінстытуцыянальнай школы. У прыватнасці, калі Д. Норт вылучае два віды дзяржавы - кантактную і эксплуататарскую [15], то ў артыкуле "Выкарыстанне неаінстытуцыянальных падыходаў у беларускай эканамічнай мадэлі" (2005) з улікам спецыфікі беларускай сацыяльна-арыентаванай сістэмы кіравання абгрунтоўваецца мэтазгоднасць самастойнага разгляду мадэлі дамінуючай дзяржавы, скіраванай на максімальнае развіццё дзяржаўных інстытутаў рэгулявання гаспадарчага жыцця з забеспячэннем жорсткага кантролю бягучай гаспадарчай дзейнасці прадпрыемстваў [16].
У адрозненне ад эксплуататарскай дзяржавы, у дамінантнай мадэлі асаблівую ролю адыгрывае падтрымка адносна высокага ўзроўню дабрабыту шырокіх слаёў насельніцтва. Не выпадкова акадэмік П.Г. Нікіценка ў манаграфіі "Макраэканамічнае рэгуляванне ў беларускай інстытуцыянальнай мадэлі" (2008) адзначыў, што "палітычны выбар беларускай мадэлі сацыяльна-арыентаванага ўстойлівага інавацыйнага і пераважна рынкавага развіцця паставілі рэспубліку перад неабходнасцю змянення сацыяльна-эканамічнай парадыгмы гаспадарання, дзе чалавек робіцца не толькі сродкам, фактарам эканамічнага росту, а галоўнай яго мэтай і каштоўнасцю" [17].
У апублікаваным у расійскім часопісе артыкуле акадэміка П.Г. Нікіценкі і А.І. Лучанка "Прадпрымальніцтва ў беларускай інстытуцыянальнай мадэлі" зроблена выснова, што інстытуцыянальныя ўмовы, якія ствараюцца дамінуючай дзяржавай, хаця і накіраваны на выраўноўванне ўзроўню жыцця розных слаёў насельніцтва, але не садзейнічаюць забеспячэнню эфектыўнага гаспадарання. Пры наяўнасці актыўнай дзяржаўнай падтрымкі прадпрыемствам больш выгадна быць у дзяржаўнай уласнасці, чым у прыватнай. Беларуская практыка сведчыць пра слабую арыентацыю на назапашванне і пераважную зацікаўленасць кіраўнікоў і радавых работнікаў прадпрыемстваў у бягучым спажыванні. Адзначаны ў Рэспубліцы Беларусь эканамічны рост адбываецца пры дамінантнай перавазе дзяржаўнай уласнасці, марудным правядзенні інстытуцыянальных і структурных рэформ, недастатковых матывацыйных механізмах. Працягласць такога росту абмежавана перыядам вычарпання рэзерву адміністрацыйнага рэсурсу [18].
У артыкуле "Інстытуцыяналізм і беларуская эканамічная мадэль" (2007) адзначаецца, што беларуская эканоміка патрапіла ў так званую інстытуцыянальную пастку. Пры той інстытуцыянальнай мадэлі, якая склалася на сённяшні дзень, ускладненне эканамічнай сітуацыі выклікае неабходнасць узмацнення цэнтралізацыі сродкаў. У выніку прымаюцца рашэнні, што не могуць быць адэкватна растлумачаны метадалогіяй эканамічнай навукі. Прыкладам можа быць прымацаванне стратных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў да гарадскіх адносна даходных. Вымушаная неабходнасць накіроўваць уласныя сродкі на падтрымку прадпрыемстваў-банкрутаў падрывае эканамічную зацікаўленасць суб'ектаў гаспадарання. У такіх умовах прыватная маёмасць лёгка нацыяналізуецца, з інтарэсамі прыватных інвестараў перастаюць лічыцца. У выніку прыватны капітал пачынае збягаць з краіны [19].
Пры ўдасканаленні метадалогіі дзяржаўнага рэгулявання надзвычай важным пытаннем стала вызначэнне месца прымусу ў беларускай інстытуцыянальнай мадэлі. Абгрунтаванай з'яўляецца выснова, што ў краіне побач з адміністрацыйным хутка развіваюцца і ўдасканальваюцца рэсурсавыя метады прымусу. Пры гэтым у дамінантнай інстытуцыянальнай сістэме органы кіравання імкнуцца ўзяць пад кантроль як мага большую колькасць рэсурсаў, паколькі менавіта гэтыя рэсурсы выступаюць асновай захавання стабільнай улады. Таму дзяржаўнае рэгуляванне суправаджаецца сур'ёзным цэнтралізаваным пераразмеркаваннем валавога ўнутранага прадукту, што з'яўляецца асновай эканамічнай улады. У тых выпадках, калі вычарпаны магчымасці прымусу да падпарадкавання шляхам прадстаўлення льготных рэсурсаў, суб'екты гаспадарання могуць перайсці да практыкі фармальнага падпарадкавання з рэзкім зніжэннем рэальнай эфектыўнасці гаспадарання [20]. На цяперашні момант у Інстытуце эканомікі НАН Беларусі вядуцца даследаванні па праблемах атрымання і размеркавання інстытуцыянальнай рэнты. Вынікі даследавання знаходзяць адлюстраванне ў блогу "Беларуская эканоміка (інстытуцыянальны падыход)" [21].
У Інстытуце атрымала таксама развіццё тэорыя трансакцыйных выдаткаў. У артыкулах С.С.Асмалавец "Аналіз трансакцыйных выдаткаў прамысловых прадпрыемстваў" (2005), "Ацэнка велічыні трансакцыйных выдаткаў суб'ектаў гаспадарання ў эканоміцы Рэспублікі Беларусь" (2005), "Фактары фарміравання трансакцыйных выдаткаў з пазіцый неаінстытуцыянальнай эканамічнай тэорыі" (2006) і інш. [22] прапанавана разглядаць трансакцыйныя выдаткі дыферэнцыравана, у залежнасці ад месца іх узнікнення. Пры гэтым неабходна падзяляць выдаткі, якія ўзнікаюць у выніку рэалізацыі гаспадарчых сувязей паміж прадпрыемствам у цэлым і знешнімі інстытуцыянальнымі структурамі, і выдаткі, якія ўзнікаюць у здзелках паміж асобнымі яго падраздзяленнямі і пастаўшчыкамі (пакупнікамі). На аснове прапанаванага падыходу распрацаваны методыкі колькаснай ацэнкі і аналізу трансакцыйных выдаткаў на прадпрыемстве. Трэба адзначыць, што нявырашанай праблемай у даследаваннях у галіне неаінстытуцыяналізму застаецца мноства падыходаў да трактоўкі сутнасці трансакцыйных выдаткаў.
Даследаванні ў галіне інстытуцыянальных рызык праводзіць К.Ю. Марозава. Ёю зроблена выснова, што інстытуты неабходна разглядаць не толькі як спосаб змяншэння нявызначанасці і ўпарадкавання ўзаемадзеянняў у рамках эканамічнай сістэмы, але і як крыніцу рызык пры ажыццяўленні дзейнасці гаспадарчых суб'ектаў. Аналіз ролі дзяржавы ў стварэнні і развіцці інстытутаў, а таксама ў дзейнасці прадпрыемстваў дазволіў вылучыць інстытут дзяржаўнага рэгулявання як найбольш важны для ўзнікнення інстытуцыянальных рызык. Аўтарам распрацаваны тэарэтычныя асновы даследавання рызык, якія абумоўлены эканамічнымі і адміністрацыйнымі метадамі дзяржаўнага рэгулявання. Вылучаны інстытуцыянальныя рызыкі, што выкліканы падатковым, мытным, грашова-крэдытным рэгуляваннем, распаўсюджаным у беларускай эканамічнай мадэлі адміністрацыйным планаваннем паказчыкаў дзейнасці і адміністрацыйным пераразмеркаваннем сродкаў прадпрыемстваў, а таксама распрацаваны меры па зніжэнні гэтых рызык на ўзроўні прадпрыемстваў [23].
У галіне неаінстытуцыянальнай эканомікі абаронена некалькі дысертацый: у Беларускім дзяржаўным універсітэце - кандыдацкія дысертацыі Н.А. Мельнікавай "Неакласічны і сучасныя падыходы да аналізу эканамічных паводзін фірмы" (2002) і Ю.В. Валевіча "Эканамічная раўнавага ў інстытуцыянальным вымярэнні" (2003), у Інстытуце эканомікі НАН Беларусі - С.С. Асмалавец "Кіраванне трансакцыйнымі выдаткамі суб'ектаў гаспадарання ў Рэспубліцы Беларусь" (2006), К.Ю. Марозавай "Ацэнка ўплыву інстытуцыянальных рызык на вынікі дзейнасці прадпрыемстваў у Рэспубліцы Беларусь" (2008). У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце абаронена доктарская дысертацыя А.Б. Дорынай "Фарміраванне інстытуцыянальнай структуры беларускай эканомікі ва ўмовах трансфармацыі" (2008).
Развіццю інстытуцыяналізму ў Беларусі садзейнічалі канферэнцыі "Інстытуцыянальныя заканамернасці станаўлення і эвалюцыі сацыяльна-эканамічнай сістэмы РБ" (2004), "Стан, гістарычная абумоўленасць і тэндэнцыі інстытуцыянальнай дынамікі свет-сістэмы і Рэспублікі Беларусь" (2005), "Праблемы фарміравання эфектыўных інстытутаў інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь і Расіі" (2006), а таксама даклады па інстытуцыянальнай метадалогіі на іншых канферэнцыях і "круглых сталах". Разам з тым навукоўцы, якія займаюцца інстытуцыянальнай метадалогіяй, адчуваюць сур'ёзны недахоп кантактаў са спецыялістамі адпаведнага профілю з іншых краін, у першую чаргу - з Расійскай Федэрацыі, дзе гэты напрамак навуковай дзейнасці атрымаў больш значнае развіццё.
ЛІТАРАТУРА
1. Лемещенко, П.С., Булавко, В.Г. Институт собственности и проблемы переходных экономик // Вестн.БГУ. - Сер. 3. - 1998. - № 3.
2. Лаврухина, И.А. Экономические исследования на кафедре политэкономии / И.А.Лаврухина // Вклад ученых БГУ в развитие экономического образования и экономической мысли Беларуси / Под общ. ред. М.М. Ковалева.- Минск: БГУ, 2002.- 218 с.
3. Лемещенко, П.С. Институционально-эволюционная теория новой экономической реформы / П.С.Лемещенко // Выбр. навук. працы Бел.дзярж.ун-та. - Т 3. - Мiнск: БДУ, 2001. - С. 211-230.; Лемещенко, П.С. Кредитно-банковская система в институциональном измерении / П.С.Лемещенко // Экономическая теория на пороге XXI века / Под ред. Ю.М.Осипова, Е.С. Зотовой. М.: МГУ 2001 - 10 с.; Лемещенко, П.С. Институциональные закономерности и тенденции функционирования денежно-кредитной системы Беларуси // Белорусский экономический журнал. 2001 - № 1 - С. 21-30; Лемещенко, П.С. Институциональные противоречия и ловушки переходного периода // Экономический вестник Ростовского государственного университета.- 2005.-Т. 3.-№ 1.- С. 82-92.
4. Лемещенко, П.С. Институт идеологии в экономике: теоретико-методологическая составляющая / П.С.Лемещенко // Материалы и доклады научной конференции (г. Минск, 21 мая 2004 г.): в 2 ч. Минск: Бестпринт, 2004. - Ч. 1. - С. 3-30.
5. Руденков, И.А. Политэкономия, институты и идеология / И.А. Руденков // Материалы и доклады научной конференции (г. Минск, 21 мая 2004 г.): в 2 ч. Минск: Бестпринт, 2004. - Ч. 1. - С. 51 - 61.
6. Байнев, В.Ф. Парадокс неэффективного частного собственника в теории фирмы переходного периода /В.Ф.Байнев // Материалы и доклады научной конференции (г. Минск, 21 мая 2004 г.): в 2 ч. Минск: Бестпринт, 2004. - Ч. 1.- С. 30- 3.
7. Медведева, Ю.А. Развитие системы управления в транзитивной экономике: институциональные основания // Белорусский экономический журнал - 2007.- № 2.- с. 81-87.
8. Валевич, Ю.В. Институциональное равновесие / Ю.В.Валевич // Эковест. - 2002. - № 2. - с. 276-300.
9. Валевич, Ю.В. Политическая экономия институционального равновесия / Ю.В.Валевич // Материалы и доклады научной конференции (г. Минск, 21 мая 2004 г.): в 2 ч. Минск: Бестпринт, 2004. - Ч. 1. - С. 118 - 125.
10. Дорина, Е.Б. Формирование институциональной структуры белорусской экономики в условиях трансформации: автореферат дис. … д. экон. наук: 08.00.01 / Е.Б.Дорина. Минск, 2007. С. 25-26.
11. Солодовников, С.Ю. Институциональные матрицы: сущность, персонификация и ее генезис (политико-экономические очерки) / С.Ю. Солодовников - Минск: 2006. - 530 с.
12. Черновалов, А.В. Несостоятельность (банкротство) в институциональной экономике: белорусская модель / А.В. Черновалов. - Минск: ООО "Мисанта", 2004.- 331 с.
13. Черновалов, А.В. Теория институтов рынка (антикризисное регулирование) / А.В. Черновалов. - Брест: Изд-во БрГУ, 2006.- 177 с.
14. Шебеко К.К. Институциональная инфраструктура региональных рынков продовольствия: теория, методология, практика / К.К. Шебеко- Горки: Белорус. гос. сельскохоз. акад., 2001. - 132 с.
15. Норт, Д. Институциональные изменения: рамки анализа // Вопросы экономики. - 1997. - № 3.
16. Лученок, А.И. Использование неоинституциональных подходов в белорусской экономической модели // Белорусский экономический журнал. - 2005. - № 2. - С. 8. [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://luchenok.narod.ru/Luchenok_Instituty.pdf; Проблемы макроэкономического регулирования / А.И. Лученок и др. - Минск.: Право и экономика. 2005.- 178 с. [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://luchenok.narod.ru/pmea.html.
17. Макроэкономическое регулирование в белорусской институциональной модели. / А.И.Лученок и др. / Под науч. ред. П.Г.Никитенко; Ин-т экономики НАН Беларуси.- Минск.: Право и экономика, 2008. - С. 5. [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://luchenok.narod.ru/mng08.html.
18. Никитенко, П., Лученок, А.. Предпринимательство в белорусской институциональной модели // Общество и экономика. - 2005. - № 9.
19. Лученок, А.И. Институционализм и белорусская экономическая модель // Наука и инновации. - 2007.-№ 8 (54).-С. 22-26.
20. Макроэкономическое регулирование в белорусской институциональной модели. / А.И.Лученок и др. / Под науч. ред. П.Г.Никитенко; Ин-т экономики НАН Беларуси. - Минск: Право и экономика, 2008. - С. 27. [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://luchenok.narod.ru/mng08.html.
21. [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://luchenok.blogspot.com.
22. Осмоловец, С.С. Анализ трансакционных издержек промышленных предприятий // Белорусская экономика: анализ, прогноз, регулирование.- 2005.- № 6.- С. 42-45; Осмоловец, С.С. Оценка и анализ трансакционных издержек предприятия // Вестник Белорус. гос. экон. ун-та. - 2005.- № 4.- С. 53-60.; Осмоловец, С.С. Учет и управление трансакционными издержками // Финансы, учет, аудит.- 2005. - № 9. - С.16-17; Осмоловец С.С. Факторы формирования трансакционных издержек с позиций неоинституциональной экономической теории // Проблемы макроэкономического регулирования / А.И. Лученок и др. - Минск.: Право и экономика, 2005. - 156 с.; Осмоловец С.С. Факторы формирования трансакционных издержек с позиций неоинституциональной экономической теории / С.С.Осмоловец // Белорусская модель социально-экономического устойчивого инновационного развития: формирование и пути реализации. - // Минск: Изд-во ИООО "Право и экономика", 2006. - С. 152-154.
23. Морозова Е.Ю. Институциональные риски и особенности национальной институциональной среды / Е.Ю. Морозова // Весцi Нац. акад. навук Беларусі. Сер. гуманіт. навук.- 2005.- № 5, ч. 1.- С. 102-104; Морозова Е.Ю. Оценка влияния институциональных рисков на эффективность деятельности субъектов хозяйствования / Е.Ю. Морозова // Весцi Нац. акад. навук Беларусі. Сер. гуманіт. навук. -2006.- № 5, ч. 2.- С. 104-106; Морозова, Е.Ю. Институциональные риски и их минимизация / Е.Ю. Морозова // Финансы, учет, аудит. - 2007.-№ 8.- С.41-42.